Шматлікімі патрыятычнымі мерапрыемствамі адзначаюцца лістападаўскія дні ў сувязі з 80-мі ўгодкамі вызвалення Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Безумоўна, не застаўся ў баку ад гэтай слаўнай гістарычнай падзеі і наш Гомельскі абласны музей ваеннай славы, які, у асобе Вікторыі Мікалаеўны Заяц, яшчэ раней чым за месяц запрасіў нашых студэнтаў на агляд відовішчнай імпрэзы, ваенна-гістарычнай рэканструкцыі, што адбылася на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу “Партызанская крынічка” недалёка ад Чонак. І таму ў мінулую суботу, 18.11.2023, выкладчыкі і студэнты факультэта замежных моў, якія адгукнуліся на запрашэнне, арганізавана выехалі на мерапрыемства, якое ладзілася ў партызанскіх мясцінах пад кіраўніцтвам Канстанціна Сяргеевіча Мішчанкі, намесніка дырэктара названага музея, таленавітага, адданага сваёй справе чалавека. У адпаведнай форме старшага батальённага камісара 40-х гадоў мінулага стагоддзя Канстанцін Сяргеевіч паспяхова, з мастацкім густам (а ён, трэба сказаць, робіць усе гістарычныя імпрэзы ад душы) правёў чарговую захапляльную рэканструкцыю, выступаючы адначасова і аўтарам ідэі, і драматургам, і вядучым. Гэта ягоны ўладарны і нетаропкі камандзірскі голас лунаў над лесам, дзе ў якасці гасцей сабраліся сотні гледачоў з Гомельшчы і суседніх абласцей. Не забракла месца на гэтым незвычайным свяце і нашым выкладчыкам: разам са сваімі няўрымслівымі студэнтамі-першакурснікамі, паасабку і з сем’ямі, мерапрыемства наведалі: Алена Міхайлаўна Нарбут, Юлія Аляксандраўна Беразоўская, Таццяна Барысаўна Селядцова з мамай, Мікалай Сяргеевіч Касянок, Надзея Касап, Яна Лаўшук, трое студэнтаў з Падмаскоўя, якія з 17.10.23 праходзяць навучанне па абмену на нашым факультэце: Паліна Леўчанка, Ігар Зюлін і Андрэй Кліменка…
